ГІСТАРЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

1) слоўнік эвалюцыі лексікі пэўнай мовы, які паказвае змены ў семантыцы і словаўтваральнай структуры рэестравых слоў ад моманту іх з’яўлення ў мове (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам) да часу іх поўнага ці частковага выхаду з ужытку. Ахоплівае ўсю пісьмова-засведчаную лексіку пэўнай мовы на працягу яе пісьмовай гісторыі і падае абавязковую тэкставую ілюстрацыю для кожнага рэестравага слова: напр., «Новы гістарычны слоўнік англійскай мовы» (т. 1—13, 1928; т. 1—20, 2-е выд. 1989).

2) Слоўнік, які дае гарызантальны зрэз лексікі пэўнай мовы, змяшчае разнастайныя звесткі (дэфініцыі, цытаты-ілюстрацыі, варыянты напісання, формы словазмянення, спалучальнасць і інш.) аб словах, што выкарыстоўваліся ў храналагічна дакладна вызначаны перыяд развіцця гэтай мовы. Вылучаюцца: агульнафілалагічныя, тэзаўруснага тыпу, гістарычныя слоўнікі (напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», вып. 1—14, 1982—96, выданне працягваецца; створаны на аснове бел. пісьмовых помнікаў 14—18 ст.); аспектныя гістарычныя слоўнікі, найб. стараж. — слоўнікі-анамастыконы, слоўнікі-сімволікі, т.зв. прыточнікі, слав.-бел. ці старабел. лексіконы (напр., «Лексіс» Л.Зізанія, 1596; «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» П.Бярынды, 1627, і інш.). У залежнасці ад прынцыпу адбору лексікі аспектныя гістарычныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі мовы аднаго помніка (напр., слоўнікавы дадатак да «Рускай праўды», 1930, складзены Я.Ф.Карскім); слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага жанру (напр., «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.І.Гарбачэўскага, 1874); акцэнталагічныя гістарычныя слоўнікі («Акцэнталагічны слоўнік старажытнарускай мовы XIV стагоддзя» В.Я.Ушакова, 1982); гістарычныя слоўнікі запазычанняў (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» А.М.Булыкі, 1972) і інш. У некаторых выпадках да аспектных гістарычных слоўнікаў адносяць слоўнікі мовы пісьменніка (напр., «Слоўнік мовы Скарыны» У.В.Анічэнкі, т. 1—3, 1977—94) і тэрміналагічныя слоўнікі (напр., «Даведачны слоўнік юрыдычных тэрмінаў старажытнай актавай мовы Паўднёва-Заходняй Расіі» І.П.Навіцкага, 1871—72).

Літ.:

Старабеларускія лексіконы /Склад. А.А.Яскевіч. Мн., 1992.

В.К.Шчэрбін.

т. 5, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)